Адкуль у вёскі імя
Сярод старажылаў хадзіла легенда, што вёска так названа ў гонар маладой дзяўчыны Ізабелы. Аднойчы вёска згарэла, заставалася толькі адна хата, дзе і пасялілася Ізабела. Пакрысе сюды пачалі засяляцца і іншыя людзі. Будавалі дамы, а калі іх стала шмат, то і назвалі вёску у гонар першай яе жыхаркі.
Візітка вёскі
У вёсцы Ізабеліна ў 1953 годзе была запушчана гідраэлектрастанцыя. Яе назвалі Янаўская ГЭС. Назва паходзіць ад былой вёскі Янаўка, на месцы якой і пабудавана ГЭС. Шмат пазней, у 1990 годзе, яе аднеслі да Ізабеліна. У 1994 годзе быў пабудаваны гадавальнік для рыб, куды запусцілі каля 20 кг. малькоў.
Тыповыя для вёскі прозвішчы
Тыповымі для Ізабелін прозвішчамі можна лічыць Пятроўскія і Раткевічы.
Час ўтварэння вёскі
Дакладны час ўтварэння вёскі невядомы. Паводле кнігі “Памяць: Гіст.-дакументальная зроніка Астравецкага раёна” вядома, што ў 19ст. вёска ўваходзіла ўАшмянскі павет Віленскай губерніі. Была ў складзе Віткоўскага маёнтка, уласнасці памешчыка Дзяконскага. У 1857 годзе налічвала 29 сялянскіх душ. У 1870 г. ўваходзіла ў Варнянскую воласць, адносілася да Астравецкай сельскай грамады. У 1897 г. 21 гаспадарка, 123 жыхары. У пачатку 20ст. знаходзілася ў Варнянскай воласці Віленскага павета Віленскай губерні (18 вёрст ад чыгуначнай станцыі Гудагай). У 1905 годзе жыхароў было 137 чалавек, якім належала 124 дзесяціны зямлі. З 1922 года – ў складзе Польшчы. Уваходзіла ў Гервяцкую гміну Віленска-Трокскага павета Віленскага ваяводства. У 1938 г. у вёсцы налічваецца 22 двары, 102 жыхары. З 1939 года – у складзе БССР. З 20.09.1944г. вёска ў Дравяніцкім сельсавеце Астравецкага раёна Маладзечанскай, з 20.01.1960г Гродзенскай абласцей, з 25.12.1962 г у Ашмянскім, з 06.01.1965г. Астравецкім раёнах, з 26.06.1965г цэнтр Ізабелінскага сельсавета. У 1970г 154 жыхары. На 01.01.2004г. 60 двароў, 176 жыхароў, у складзе СВК імя Гашкевіча. З ўсёй інфраструктуры: ФАП, аддзяленне сувязі, Дом культуры, бібліятэка, комплексна-прыёмны пункт, магазін — застаўся толькі апошні аб’ект.
Аб чым расказваюць камяні
Каля в. Радзюлі ёсць Магдава гара. Старажылы кажуць, што яна названа так у гонар пані Магды, якая была гаспадыня гэтай зямлі.
Побач у Альгінянах застаўся былы панскі дом Ваньковіча, дзе доўгі час знаходзілася школа. Жонка пана Ваньковіча пахавана ў в. Кялёйці.
Станаўленне Савецкай ўлады
У Ізабеліны, як і па ўсёй Заходняй Беларусі, Савецкая ўлада пачала ўсталёўвацца ў 1939 годзе. Да гэтуль зямля належала польскім панам. Пачалася масавая калектывізацыя, пачалі абагульняць жывёлу, вупраж, ссыпаць дабро ў агульныя гумны. Распачаўся перыяд сумеснай працы.
Мясцовыя людзі неахвотна ішлі ў калгас. Старажылы расказвалі такі факт, як дзеда Станіслава Іваніцкага ўчастковы міліцыянер пратрымаў у міліцыі 3 дні з-за нязгоды аддаваць сваё дабро ў калгас.
Згодна даступнай інфармацыі з сайта “Архівы Беларусі” (http://fk.archives.gov.by/fond/44243/) бачна, што сельскагаспадарчая арцель (калгас) імя Сталіна існавала ў в. Ізабеліна з 23.04.1958 года Астравецкага сельскага савета, з 19.12.1961 года – сельскагаспадарчая арцель “XXII партз’езд”. Аб гэтым сведчаць 106 адзінак дакументаў (пратаколы агульных сходаў калгаснікаў і пасяджэнняў праўлення калгаса, вытворча-фінансавыя планы, бухгалтарскія справаздачы і інш.), якія знаходзяцца Занальным дзяржаўным архіве г. Ліды.
За гэты час змянілася шмат старшыняў. Іх імён мала хто памятае дакладна. Са слоў старажылаў вядомы наступныя прозвішчы: Мяцель, Сідарэнка, Букель, Ерашок, Стафановіч, Дублёны, Мацюшэнка. Доўгі час кіраваў калгасам Рынкевіч Ч.І.
Мясцовы фальклор
Песні
Беларуская зямелька
1.Беларуская зямелька
Мяне ўзгадавала
Маці мовай беларускай
Песні мне спявала
- Гэта мова і край родны
Над усім мне мілы
Не магу адцурацца
Да самой магілы
3.Не магу іх адцурацца
Як рукі, як вока
Няхай слова Беларусі
Плыве ў свет далёка.
Ой каліна, ой маліна!
Ой каліна, ой маліна
В речке талая вода
Расскажу я вам, подружки
Как попала я сюда
Как-то раннею весною
Парень бравый проезжал
Долго-долго любовался
А потом с собою взял
Он хотел меня калину посадить
В своём саду
Не довёз на землю бросил
Думал что я пропаду
Я корнями уцепилась
Стала на ноги свои
И навек я поселилась
Там, где пели соловьи
Трактористы, комбайнёры
Каждый год сюда идут
Тонких веток не ломают
Белый цвет мой берегут.
Ой, у лузе каліна стаяла
Ой, у лузе каліна стаяла,
На каліне зязюля кувала.
На каліне зязюля кувала
Над калінай дзяўчына гуляла.
Над калінай дзяўчына гуляла,
Яна ўсіх казакоў чаравала.
Аднаму казачэньку не шкодзіць,
Да дзяўчыны штовечара ходзіць
-Ой, дзяўчынку мая, чорны бровы,
Пагуляй хоць ты ночку са мною.
-Я б і рада і тры пагуляці.
Ды баюся, казак каб не здрадзіў.
-Я б не ўбіў нават пташкі маленькай,
Я не здрадзіў табе, маладзенькай.
Чырвона каліна
Чырвона каліна
Ды і з ветрам гаварыла.
Я сама знаю, мне людзі кажуць
Што яму я не міла.
Ой, у полі возерца,
Там весела вядзерца,
Ой, схадземся, пагадземася,
Мае мілае, сэрца.
Салавейка шчабеча,
А зязюлька кукуе.
Ой, Бог то знае, а Бог ведае,
Дзе мой мілы начуе.
Калі ён у дарозе,
Прынясі яго, Божа,
Калі ў дзеванькі на пасцелечцы,
Пакарай яго, Божа
Пакарай яго, Божа,
Ды вялікаю бядою,
Бо я да яго з шчырым сэрцайкам,
Ён да мяне з крыўдою.